МАСКО́ЎСКАЯ СІНЕКЛІ́ЗА,
найбуйнейшая адмоўная тэктанічная структура плітнага этапу развіцця Усх.-Еўрапейскай платформы, у зах. ч. Рускай пліты. Пл. больш за 1 млн км². У межах Беларусі краявы паўд.-зах. схіл сінеклізы. Абмежавана на ПдЗ Латвійскай седлавінай і Беларускай антэклізай, на Пд — Варонежскай антэклізай, на ПдУ — Волга-Уральскай антэклізай. Запоўнена адкладамі верхняга пратэразою, палеазою, меза-кайназою. На тэр. Беларусі ў аснове плоскія шырокія Магілёўская і Полацкая ўпадзіны (паўн.-ўсх. звёны Кобрынска-Магілёўскага і Кобрынска-Полацкага палеапрагінаў), запоўненыя адкладамі верхнявендскага-ніжнекембрыйскага комплексу. Фарміраванне М.с. адбывалася ў познабайкальскую і герцынскую эпохі складкавасці, галоўны этап працякаў з сярэдняга да позняга дэвону. На крайнім ПдЗ сінеклізы з познафранскага часу пачаў фарміравацца Прыпяцкі прагін, у выніку чаго тут адбылося скарачэнне плошчы М.с. Верхнепратэразойскія, ніжнепалеазойскія і дэвонскія адклады перспектыўныя на нафту і газ. Сярод кам.-вуг. адкладаў пашыраны бурыя вуглі, якія ўтвараюць Падмаскоўны вугальны басейн. З юрскімі і мелавымі адкладамі звязаны радовішчы шкловых і фармовачных пяскоў. Да М.с. прымеркаваны гідрагеалагічны басейн з вял. запасамі прэснай вады. Гл. таксама Аршанскі гідрагеалагічны басейн.
І.В.Клімовіч.
т. 10, с. 179
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)